Хвілінка роднай мовы. Мой любімы беларускі паэт Андрэй Хадановіч і яго верш "Несыметрычныя сны"


каб меў я мабільнік, зараз было б на ім безь сямі тры
ноч – і мы сьнім адно аднаго, але без сымэтрыі

ты сьніш, быццам я на верш для цябе не шкадую паперы
я сьню, быццам ты мне звоніш, і я званю – табе ў дзьверы

ты сьніш, бы вязеш з бацькамі знаёміць, а я – што іх дома няма
і ты са мной застаесься зусім нечакана сама

ты сьніш, нібы я сарамлівы, а я – што нахабны і дужы
ты – быццам кахаю ў душЫ, а я – што кахаю ў дУшы

ты сьніш, нібы кажаш: каго яшчэ ў свае запішу я абраньніцы
а я – што лаві імгненьне і хопіць згадваць аб раніцы

ты сьніш, бы звоніць мабільнік і мы спыняемся ў выніку
а я – што за кайф, калі табе не ламаюць кайф па мабільніку

я сьню, нібы вучыш мяне такім рэчам, якім не вучылі ў школе
ты сьніш, нібы я нарэшце кажу, чаго не казаў ніколі

я сьню, што мы разам з табой парушаем да раніцы цішыню
у сьне, дзе ты проста ню, а я цябе проста сьню